Горкая праўда пра беларускую правінцыю. Занатоўкі Адама Глобуса

Культ • Адам Глобус
Калі вы прыехалі ў Мінск з рэгіёна, вы, напэўна, адчуваеце цяпло ў адносінах да гістарычнай радзімы. Пісьменнік і мастак Адам Глобус гаворыць пра беларускую правінцыю толькі праўду. перад вамі другая частка яго занатовак пра беларускія гарады і гісторыі, з імі звязаныя.

Скідзель і нараджэнне

У кожнага з нас ёсць месца, дзе ён мог нарадзіцца і нарадзіўся. Нешта змянілася, штосці павярнулася ў іншы бок, і ты нарадзіўся зусім не там, дзе папярэдне меркавалася тваімі бацькамі. Я мог нарадзіцца ў Скідзелі. Маці працавала ў скідзельскай бібліятэцы. Тата да яе прыязджаў з Мінску. Ён нават напісаў апавяданне “Белы снег' пра свае тагачасныя падарожжы ў Скідзель. Маці здымала пакой ў спадарыні Мазалеўскай. На ўскрайку дробнага мястэчка з назовам Скідзель, у дамку Мазалеўскіх маглі прайсці першыя месяцы майго жыцця. Але маці паехала са Скідзеля на станцыю Койданава, у нашае Крутагор'е, да сваёй мамы – Ядзі. Я нарадзіўся ў бальніцы, што стаяла на замкавай гары нашага Крутагор'я. Мае першы тыдні прайшлі ў доме бабы Ядзі. У доме вакол якога рос сад з яблынямі, грушамі, агрэстам, парэчкамі белымі і чырвонымі. Вакол мяне стаяў сад з райскімі яблычкамі і жоўтымі слівамі, у якіх быў мядовы смак. Я не шкадую, што нарадзіўся ў Крутагор'і, а не ў Скідзелі. Той Скідзель я нават ніколі не бачыў. Праўда, спадарыня Мазалеўская і яе сын Сяргей часам заязджалі да нас у госці. Яны запрашалі мяне наведаць Скідзель. Я нават абяцаў да іх прыехаць. Абяцаў з ветлівасці, ведаючы, што ў Скідзель не паеду.

Койданава і свінства

“Валодзя, праўда, што ў Мінску ўсё па-свінску?' – пытаў дзед Бронік. Мне рабілася горача ад сораму. У Мінску, дзе я пайшоў у школу, было ўсё, як мне падавалася – па-людску. Вядома, было б лепей, каб я жыў у дзеда з бабай і хадзіў у койданаўскую школу нумар два. Туды хадзілі мае сябрукі: браты Бакіноўскія і браты Кулеміны, туды хадзіў Толік Кісель і Толік Александровіч. Яны таксама лічылі, што ў Мінску ўсё па-свінску. І гэта не важна, што свінства якраз вялося ў хлявах за нашымі койданаўскімі дамамі. І не важна, што шмат хто з койданаўскіх мужчын мог пасаліць і выпіць кубак свежай, яшчэ гарачай, свіной крыві. І не важна, што местачковыя гонар з фанабэрыстасцю закрывалі праўду. Койданаўцы спрадвеку лічылі, што ў Мінску ўсё па-свінску, а па-чалавечы толькі ў іх.

Смілавічы і жывот

Эган Шыле

Каб не мая натуршчыца Алена Шыдлоўская, я б пра Смілавічы і слова не сказаў. Нічога цікавага я пра пра іх не ведаю. Працуюць там аграномы-селікцыянеры, вырошчваюць на палях новыя гатункі бульбы і дзякуй Богу. Толькі маё знаёмства са Смілавічамі ішло не праз гародніну і садавіну, а праз адну з самых пластычных натуршчыц на свеце – Шыдлоўскую. Яна распраналася і разгульвала па майстэрні голая так, быццам была апранутая. Яна ганарылася сваім целам, ажно пакуль не пачаў расці жывот. Алена хавала свой жывот ад чужых вачэй, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні чырвонай курткі. Месяц яна прахадзіла з рукамі ў кішэнях, а потым паехала ў Смілавічы, дзе разам з маці пайшла ў лазню. Тая пабачыла жывот, і адлупіла дачку. Алена засталася ў Смілавічах, нарадзіла дзяўчынку і пачала піць. П'яная, з мурзатай дзяўчынкай яна прыходзіла да свайго былога кавалера – Ігара Кашкурэвіча і патрабавала грошы на дзіця. Ігар даваў грошы, і Шыдлоўская іх паціху прапівала ў родных Смілавічах. Нават падвяселенай віном Алене Шыдлоўскай ў аграномных Смілавічах было нудна. Яна ўзяла дачку ды з'ехала ў Падмаскоўе, дзе захварэла на рак і сканала. Урну з прахам маёй выдатнай натуршчыцы дачка прывезла з Расеі ў Беларусь. Недзе на палях пад Смілавічамі яна той прах і развеяла.

Дэвід-Гарадок і тарбахвацтва

Ёсць на свеце гарадкі, у якіх ты ніколі не быў. Колькі б не ездзіў па свеце, а такіх гарадкоў будзе шмат. А ёсць і такіе з тых гарадкоў і гарадоў, дзе ты ніколі не быў, але шмат пра іх ведаеш. Пераважная большасць людзей шмат ведае пра Рым і Парыж, пра Ню Ёрк і Чыкага, пра Амстэрдам і Лондан, але не ўсе яны туды з'ездзілі. Яны там не былі, але ім хочацца наведаць вялікія гарады, каб на іх палюбавацца, каб там павучыцца, каб – калі хочаш пафасу – дакрануцца ў іх да вечнасці. Турыстычная індустрыя паспрабавала ператварыць велічныя гарады ў танныя цацкі, але веліч і магутнасць усё ж засталіся магутнасцю і велічу, калі параўнаць яе з нікчэмнасцю. Так і зробім, так і параўнаем… Мне давялося шмат прачытаць і даведацца пра палескі Дэвід-Гарадок. Я рабіў аздабленне кніжкі пра яго і павывучаў не толькі аблічча пасёлка, а і норавы гарадчукоў. Чым больш я маляваў гарадчукоў і гарадчукес, тым больш пагарды адчуваў да іх. Усе гэтыя дэвідгарадоцкія Васількі ды Лявоніхі, Міхаські ды Наталкі, Сцёпкі ды Альжбеты былі спрэс тарбахватамі. Нават на дэвідгарадоцкім гербе намаляваны човен з торбамі. Гандль, падман і тарбахвацтва – асноўныя заняткі гарадчукоў. Некалі яны гандлявалі па ўсёй Польшчы марозівам. Потым гандлявалі па ўсёй Расеі насеннем кветак. Трэба сказаць, што і марозіва і насенне ў іх куплялі, але павагі на тых продажах гарадчукі не зарабілі. Іх вядомасць заўсёды была са знакам мінус. У сваіх малюнках я той ганебны мінус асабліва не паказваў, але ён усё адно адчуваўся. Таму я не ездзіў, а бог дасць, і ніколі не паеду ў Дэвід-Гарадок – пасёлак палескіх падманшчыкаў і тарбахватаў.

Камянец і бабёр

У глухой беларускай правінцыі, у Камянецкім раёне каля вёскі Мінькавічы трое старых аматараў рыбалкі пабачылі на ўскрайку дарогі бабра. Вялікім розумам ніхто з тых аматараў рыбалоўства не вызначаўся, таму і падсунуліся мужыкі да жывёлы. Напужаны бабёр пачаў бараніцца. Ён зубамі парваў сцягно аднаго з рыбакоў так, што той сцёк крывёю і развітаўся з жыццём. Пакуль рыбакі спрабавалі ратаваць таварыша недарэку, баявіты бабёр паспеў адступіць і схавацца. Пазней, дурнаватыя рыбакі сказалі, што не мелі ніякіх злых намераў, што хацелі сфатаграфавацца з вялікім бабром, а ён не ацаніў іх дабразычлівасці і павёў сябе, як самы сапраўдны палескі звер. Гісторыя пра спробу фатаграфавання рыбака з бабром абляцела цэлы свет, нават амерыканскі часопіс Time пра яе напісаў. Адно, што мяне непакоіць у апісанні іншымі гэтага драматычнага здарэння – загалоўкі, кшталту “Бабёр напаў на чалавека'. Відавочна, што не бабёр палез да рыбакоў, а рыбакі пасунуліся да бабра. Яны, недавумкі, напужалі і справакавалі бабра на бойку. Утрох на аднаго, гэта ж так па-рыбацку. Прайграўшы бойку маленькаму бабру, рыбакі прыдумалі сабе апраўданне… Мы добрыя, мы фатаграфавацца хацелі, мы да яго з адкрытым сэрцам, а ён – звяруга балотная – напаў, парваў, забіў! Ілгуць, як зазвычай ілгуць усе рыбакі аматары. Выхваленне і самаўсхваленне асноўныя рысы дробнага рыбака. Ведаю шмат такіх рыбакоў, усе, як адзін, хвалько і хлусы.

Раўбічы і брама

Першы раз мяне завезлі ў Раўбічы разам з дзіцячым садам. Цэлае лета мы пражылі ў тамтэйшай школе. Тады мяне ўразіў разбураны касцёл на могілках, густы ельнік і халодны дождж. З неба ліло, а мы сядзелі ў памяшканні і чакалі нядзелі, калі прыедуць бацькі. Яны прыязджалі, і мы ўсе ішлі на возера. У тым возеры я ледзь не ўтапіўся. Адплыў ад берага на гумовым крузе. Паветра з круга выйшла, і я роўна пайшоў на дно, дзе лёг на мяккі мул. Бацька ўбачыў, як я сыходжу пад ваду, кінуўся ў возера, дастаў мяне і вынес на бераг. Бывае, што ў жудасных снах я зноў іду на дно возера ў Раўбічах, але штораз бацька мяне выратоўвае. Пазней, калі касцёл перарабілі ў музей, а Раўбічы абраслі трамплінамі для скачкоў на лыжах, я прыязджаў туды лавіць ракаў. Збіраліся хлопцы з дзяўчатамі, куплялася віно, і мы ехалі адпачываць. Мы пілі на беразе чыставоднай рэчкі салодкае чарнасмародзінавае, мы закусвалі віно свежазваранымі ракамі, мы любілі ўсё і ўсіх. Здавалася, што ў Раўбічах мы павінны былі быць шчаслівымі, але нашы п'янкі-пагулянкі чамусці сканчаліся сваркамі і нават бойкамі. Уся бяда была ад вялікай колькасці выпітага чарнасмародзінавага. У Раўбічах у нас не атрымлівалася трымацца меры. Усё было з пераборам, з перахлёстам, з пераціскам. Нават колеры ў Раўбічах перанасычаныя. Калі я там быў на жывапіснай практыцы, дык уразіўся чырванню брамы. Звычайная брама, якіх у нашых беларускіх мятэчках тысячы, была надзвычайна-чырвоная. Я спрабаваў перадаць тую пякельню чырвань на палатне, але нічога ў мяне не атрымалася. Добра атрымлівалася маляваць паўразбураны касцёл, дзе школьнікі, хаваючыся ад дарослых, пакурвалі папяросы 'Север'. Добра атрымліваліся партрэты сакавітых аднакурсніц. Чырвоная брама не атрымлівалася, ажно пакуль гаспадар не пакінуў яе прыадчыненай. Паміж дзвума цёмнымі паловамі брамы з тонкай светлай шчыліны на мяне цякло райскае святло. Я зразумеў, што трэба з'язджаць з Раўбічаў. Склаў фарбы, памыў пэндзлі і з'ехаў. Больш я ніколі не маляваў у Раўбічах. Прыязджаць прыязджаў, прагульваўся каля дамка рыбыка, стаяў на трампліне, глядзеў на адлюстраванні аблокаў у возеры, але сэрца было раўнадушнае, бо я ведаю, што райскае святло можна пабачыць толькі аднойчы.

Мір і Гюго

Малюнак Віктора Гюго

У маладосці я захапляўся рэстаўрацыяй і з гэтай нагоды чытаў раман Віктора Гюго “Сабор Парыжскай Божай маці', у якім вялікі рамантык абураецца праявамі цемрашальства і вандалізма: “…так цягам вось ужо дзвухсот гадоў абыходзяцца з цудоўнымі цэрквамі сярэднявечча. Іх нявечаць як заўгодна – і зсярэдзіны, і звонку. Святар іх перафарбоўвае, архітэктар шкрабе; потым прыходзіць народ і разбурае іх'. Мая маладосць прыпала якраз на той час, калі разбураныя народам цэрквы і замкі ляжалі ў рудых руінах. Падымаць архітэктуру з руін – занятак цяжкі, але шмат хто з маіх таварышаў пачуў пакліканне да рэстаўрацыі. Адным з першых узняўся з руін сярэднявечны замак у Міры. Адрэстаўраваны Мірскі замак стаў з адным з сімвалаў сучаснай Беларусі, які нават тыражуюць на грашовых купюрах. У адной з замкавых залаў ёсць стэнд з імёнамі рэстаўратараў, што адбудоўвалі помнік. Толькі сярод названых няма самых першых і самых асноўных творцаў, дзякучы якім і паўстаў праект рэстаўрацыі. Іх забылі? Іх забылі знарок? А можа ў тым забыцці ёсць вышэйшая справядлівасць? Бо Алег, Вольга і Сяргей стварылі ў сваім праекце ідэальны Мірскі замак. А ў рэальнасці, як сказаў мне той-жа Сяргей, атрымаўся не Мірскі, а мярзотны 'Мерзский замак'. Шмат хто не пагодзіцца з меркаваннем Сяргея, але яно прагучала і яно ёсць.

Бялынічы і выбух

У Бялынічах узарвалі касцёл. Быў час, калі савецкая імперыя вырашыла нанесці апошні ўдар па рэлігійнаму цемрашальству ў Беларусі. З Ленінграда прыехалі падрыўнікі на чале з бой-бабай і паруйнавалі саборы. Сярод зруйнаваных быў і Бялыніцкі касцёл, ад якога ацалела невялічкая прыбудова з фрэскамі. Тые фрэскі паздымалі са сцен і паскладалі ў скрыні мае старэйшыя таварышы Юра Маліноўскі і Валодзя Ракіцкі. На гэтым праца ў Бялынічах і спынілася. Мне падалося, што я магу крыху дапамагчы рэстаўрацыі бялыніцкіх баракальных фрэсак, калі напішу ліст да моднага савецкага паэта Шклярэўскага, што нарадзіўся ў нашых Бялынічах. Ліст я напісаў. Думаў, што Шклярэўскі падасць голас у абарону мастацкіх каштоўнасцяў сваёй малой радзімы. Ён голас падаў, сказаў маёй маме, што ў яе добры сын. Вядома, за гэта я яму ўдзячны, толькі фрэскі больш за трыццаць гадоў ляжаць у скрынях, а правінцыйным Бялынічам да іх і справы няма.

Асіповічы і Свіслач

Валянцін Акудовіч, фота: часопіс «Sexus»

Дзесяцігоддзе часопіса “пАРТызан' адзначалася вясёла. Было шматлюдна і шматслоўна. У прамовах прысутных пачаў прамалёўвацца культ асобы галоўнага рэдактара і галоўнага пАРТызана Артура Клінава. Ён сказаў, што яму крыху няёмка ад такой увагі. Мяркую, усім каралям і Артурам, каго ўзносілі на трон і каго моцна культывавалі, напачатку было няёмка, а потым яны прызвычайваліся да салодкіх капліментаў пра сябе любімых. Эсэіст Акудовіч гучна крычаў “Ура!' у гонар партыі пАРТызанаў, і ціха казаў мне, што калі я буду і далей пісаць пра беларускую правінцыю, дык зраблюся невыяздным са сталіцы. Акудовіч асабна адзначыў гарадок Свіслач, пра які я проста не маю права напісаць гадасць. Свіслач – радзіма Валянціна Акудовіча. Ад яго я даведаўся, што са Свіслачы паходзіць жонка Адамовіча. Якога з Адамовічаў? Я не стаў высвятляць. На гэтым згадванне Свіслачы не скончылася, бо да мяне падыйшла дзівосная бландынка. Яна расказала, што ў юнацтве прачытала маю эратычную кнігу пра дамавіка, і даўно хацела пазнаёміцца і пагаварыць са мною. У часе нашай размовы высветлілася, што бландынка – зямлячка Акудовіча, і ў яе ёсць вялікая бутэлька з самагонам зробленым у Свіслачы. Самагон пах смачна, яго пакаштавалі і ўхвалілі мае вясёлыя сабутэльнікі – Акудовіч, Бабкоў, Касцюкевіч, Логвінаў, Квяткоўскі і Клявіцкі. Ці піў Клявіцкі свіслацкі самагон? Тут магу і памыляцца… Можа ён і не піў, як не піў яго і Лявон Вольскі. Каб не Лявон, я б у гэты святочны вечар і не прыдумаў, што напісаць пра нашу белправінцыю. Але Лявоніс стаяў у атачэнні музыкаў, ад якіх я і пачуў народную назву горада Асіповічы, яна прагучала, як “асІпавічы'. Я прапанаваў варыянты з “асІплавічамі' ды “сіпАтавічамі'. Толькі Вольскі настойваў на аўтэнтычным глыбока народным слове “асІпавічы'. Са свята я прыйшоў дамоў а палове на першую ночы, і спалохаўся, бо мая любімая дачка, якая гатавала вячэру, забыла выключыць газ. Патэльня, што стаяла на пліце была ажно чырвоная. Ну і дух стаяў такі, нібыта ў маёй кватэры засмажылі цэлага парсюка. Карацей, напАРТызаніўся я напоўніцу.

Баранавічы і чаканне

Баранавічы? Непрыемнае чаканне! У мяне яно так. Як толькі трэба ехаць праз Баранавічы, так і пачынаю перажываць. У Баранавічах на перасадках заўсёды ўзнікаюць праблемы з часам, або яго зашмат, або – не хапае. Ты баішся, што прыедзеш у Баранавічы і спознішся на свой дызель да Ліды. Ты ніколі не спазняўся на гэты чортаў дызель, але чуў, што іншыя спазняліся і потым сядзелі чорт ведае колькі ў нудных Баранавічах. Сядзеў і ты на чортавай станцыі, нават хадзіў прайсціся па горадзе, але нічога цікавага ў тых праходках не сустрэлася. Таму большасць твайго баранавіцкага часу прайшла на чыгуначнай станцыі з добрымі кнігамі. Ты чытаў і вычытаў, што Шолам-Алейхем пракляў станцыю Баранавічы. Ён пракляў яе словамі сваіх герояў, якія ехалі ў цягніках і слухалі захапляльныя гісторыі, тыя гісторыя перарываліся на самых цікавых момантах, бо апавядальніку трэба было сыходзіць і перасажвацца ў іншы цягнік. Перасадка праходзіла ў Баранавічах. Слухачы ўскрыквалі: “Будзь ты праклятай, станцыя Баранавічы!' Сам я станцыю Баранавічы не праклінаю, але да праклёнаў, кінутых у яе бок, прыслухоўваюся.

Кобрын і хрушчы

Сувораў у Кобрыне

У Кобрыне я быў толькі аднойчы, разам з будаўнікамі, якіх вазілі аўтобусам з Мінска ў Белавежскую пушчу. Будаўнікі начавалі ў кобрынскім гатэльчыку. Прыехалі цемнатою, зусім позна, усталі рана, уночы было халодна і золка. Зубры ў загарадках мне спадабаліся, а Кобрын – не. Кобрын мне падаўся нейкім крывым, як і кобрынскі помнічак рускаму кульгаваму генералісімусу Сувораву. Зубры і дзікі мяне – школьніка – уразілі. Белавежская пушча парадавала. А пра Кобрын і кобрынцаў, я б і зусім не казаў, каб не кулінарная гісторыя. Ёсць у правінцыялаў дурнаватая завядзёнка здзеквацца з чужынцаў. Некалі наваеленскія бэйбусы, паказвалі мне цёмныя катылькі, што сыплюцца з-пад авечых хвастоў, і казалі, маўляў гэта – травяныя цукеркі. Думалі: вось знайшлі мы дурня, які зараз пакаштуе авечага гаўна. Дулю ім з макам! Падобную дулю з макам атрымалі і дурнаватыя кобрынцы, якіе спрабавалі пераканаць майго таварыша Сяргея Харэўскага ў тым, што няма лепшай прыкускі да піва за крыху падсмажаных і трохі падсоленых хрушчоў. У выніку такіх нягеглых жартаў, для мяне цяпер наваеленцы ядуць авечыя галушачкі, а кобрынцы закусваюць піва майскімі жукамі. І паспрабуй пераканай мяне ў адваротным.

Беразіно і казёншчына

Гарадок Беразіно быў для мяне перапоўнены казёншчынай. Некалькі разоў я сустракаўся з тамтэйшымі начальнікамі, каб зацьвердзіць афармленне кінатэатра, дзе мы збіраліся выразаць з каляровых тынкаў сграфіта. Сюжэт для сграфіта я выбаў просты – дзяўчына ў садзе напоўненым птушкамі. Зацьвярджэнне эскізаў прайшло спакойна, але сутыкненне з казённымі людзьмі не радавала, бо грошы на пачынку дзіравага даху яны не далі. На аздабленне інтэр'ераў грошы знайшліся, а на дах іх не было. Чаму так? Не змог я высветліць. Рэзаць сграфіта мне дапамагалі брат Міраслаў і Сяргей Нацэўскі. Працавалі мы суткамі, бо тынк рэзаўся толькі ў свежым стане, а як высыхаў – камянеў. Даводзілася начаваць у прыдарожным гатэльчыку для шафёраў. Там я і адчуў пах казёншчыны. Ён сыходзіў ад гатэльнай бялізны. Потым той пах пераследваў мяне па ўсім Беразіно. Не дапамагалі нават вечаровыя прагулянкі па беразе рэчкі. Беразіно невыносна пахла казёншчынай, ад якой я з радасцю з'ехаў. Дах у кінатэатры працякаў, і некалькі разоў я ездзіў падфарбоўваць свой выразаны з тынку райскі сад. Праз нейкі час казённыя людзі перасталі тэлефанаваць мне з Беразіно, і я надоўга забыўся пра гэты правінцыйны гарадок.

Браслаў і халаты

Спаборніцтва сярод рыбакоў у Браславе

Браслаўскі край, як для мяне, дык самы беларускі з усёй Беларусі. Дзякучы браслаўскім зялёным пагоркам і азёрам перапоўненым чыстым небам, наша краіна займела прыметнік “сінявокая'. Беларусь сінявокая – Браслаўшчына, адназначна. Браслаў не найгоршы з беларускіх гарадкоў. У ім і касцёл стаіць спраўна складзены з вялікіх камянёў, а непадалёк чакае нашых праваслаўных напоўненая задымленай урачыстасцю царква. Ёсць у Браславе і высокае гарадзішча, на якім з дзевятага стагоддзя пануюць славяне. Некалі мяне ўразілі тамтэйшыя скрыні з рознай, налоўленай праўдзівымі рыбакамі а не брахлівымі аматарамі, вялікай рыбы. Толькі найярчэйшы ўспамін пра Браслаў знітаваны ў мяне з шэрымі халатамі. На ўскрайку Браслава, каля доўгага аднапавярховага дома, я заўважыў купку людзей ў старых, выцвілых, шэрых халатах. Рыхтык такія халаты насілі хворыя ў псіхіятрычнай бальніцы, што знаходзіцца за дзевяць кіламетраў ад Браслава, у вёсцы Слабодка. Няўжо і Браславе ёсць прытулак для вар'ятаў? Я вырашыў пацікавіцца. Даўганосы дзед сказаў мне, што ў іх тут не бальніца, а дом для састарэлых. Калі ў бальніцы, вакол хворых былі дактары, медбраты і санітаркі, дык старыя вымушаны былі разлічваць толькі на ўласныя сілы, якіх у іх якраз і не было. Вакол дома састарэлых ляжала шмат смецця, і самі старыя людзі ў брудных халатах былі нібыта часткай гэтага смецця, якое гаспадары Браслава выкінулі на край гораду. Выкінулі, каб пазней пазакопваць ды так і не закапалі.

Слонім і Лазар

Са Слоніма ў Мінск прыехала вучыцца Ліда. Яна магла б нарадзіцца ў гарадку Лідзе і было б так... Ліда з Ліды прыехала ў сталіцу вучыцца на настаўніцу. Наша Ліда са Слоніма вырашыла стаць настаўніцай малявання і паступіла ў мастацкую вучэльню. У Ліды былі крэпкія рукі, крэпкія ногі, густыя валасы і нос у форме бульбіны. Здольнасці ў Ліды былі слабенькія, але яна вывучылася на настаўніцу. Пакуль Ліда вучылася, у яе ўсе пыталіся пра сланоў. 'Ліда, як там у Слоніме сланы?' – 'Няма ў Слоніме сланоў!' – раздражнялася Ліда. Не трэба было ёй так раздражняцца, бо яе раздражненне ўсіх забаўляла. 'Ліда, чаму Слонім называюць Слон-ім, калі там няма слана?' – 'Ліда, давай збіраць грошы на слана для Слоніма!' – 'А можа, у Слоніме ёсць сланы, а ты нам не гаворыш?' Ліда злавалася, Ліда лаялася. Ліда блыталася ў словах. Яна блытала фантазію і фантастыку. 'Адамчык, у цябе фантастыка занадта развітая! Няма ў Слоніме сланоў!' – 'Ліда, у Слоніме павінны быць сланы! Ну добра-добра, адзін слон у Слоніме абавязаны быць! Слонім без слана і не Слонім, і не горад, і нават не мястэчка, а глухая на ўсе вушы вёска!' Ад такіх слоў Ліда з біблейскім прозвішчам Лазар уцякала. Ды дзе ты ўцячэш ад сваёй Радзімы? Радзіма – свята, якое заўсёды з табою! Заўсёды, як заўсёды ў слове 'Слонім' чуецца слова «слон».

Гайнаўка і Ваня

Адам Глобус

Ёсць у мяне знаёмы Ваня. Мы ведаем адзін аднаго з дзяцінства. Адно ці два лета разам бавілі час у лагеры “Зялёнае', што пад Заслаўем. Сустракаемся мы, амаль заўсёды, выпадкова. Перакідваемся парай-тройкай вясёлых словаў і развімтваемся. У нас лёгкія адносіны. “Як ты?' – “Нармальна!' Усміхнуліся і разбегліся. Сталіца бяжыць, і мы ў ёй бяжым. Учора я тармазнуў і сказаў Івану, што ў мяне ў Вільні выстава малюнкаў. На выставе майго жывапісу Ваня ў Мінску быў. Нават збіраўся набыць сабе нацюрморт з чырвонымі перцамі. Збіраўся і не набыў, чамусці. А тут ён кажа: “Ведаеш, Валодзя, а мне твае карціны чужыя. Я не кажу, што яны кепскія ці дрэнныя, яны для мяне застаюцца звонку…' Я не стаў разгортваць мастацтвазнаўчы дыспут пра свае і чужыя карціны, перавёў гутарку на новаарлеанскі джаз, які Ваня любіць. Пасля развітання з Іванам, падумаў пра Гайнаўку, пра гарадок, які для мяне чамусці чужы. Мяне туды запрашалі на свята маёй перакладзенай на польскую мову кнігі пра дамавікоў ды русалак. Мяне там частавалі. Можна нават сказаць, што шмат хто ў той Гайнаўцы любіў маю паэзію і прозу. Пэўна, і я мусіў адказаць узаемнасцю, мусіў крыху палюбіць Гайнаўку разам з яе пушчай і азёрамі. Прызнаюся, я спрабаваў прымусіць сябе Гайнаўку палюбіць. Не змог прымусіць. Гайнаўка засталася для мяне чужынай. Можа яна самая блізкая з усіх чужын, але ўсё адно Гайнаўка – не мая карціна. Між іншым, невялічкую выставу сваіх эратычных малюнкаў, я ў Гайнаўцы ўсё ж зрабіў.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Журналист Антон Кашликов и музыкант Harotnica Валерия Володько о событиях недели

Культ • Ирина Михно

наши герои снова разделились в мнениях: антон Кашликов сурово отмел все события, порекомендовав лишь концерт группы «Дай Дарогу!». Валерия Володько наоборот, призывает всех идти в Beetlejuice, ратует за детские мастер-классы и ждет встречи с Конрадом Ерофеевым.